Лёгкія-лёгкія нашы далёкія,
Цяжкія-цяжкія блізкія нашыя

N.R.M. – Лёгкія-лёгкія (2003)

Home movie, сямейная кінахроніка, хатнія відэа, фіксацыя паўсядзённасці і побыту, прыватныя запісы, аматарскія здымкі, рэгістрацыя жыцця – усё гэта розныя найменні аднаго й таго ж працэсу: захавання памяці пра важныя для асобнага чалавека ці суполкі людзей моманты і падзеі. Праект kalyska.archive мае на мэце нагадаць пра важнасць беражлівага стаўлення да гісторыі сваіх блізкіх і далёкіх.

Усё тое, чым жыве чалавек сёння, тут і цяпер і што ў момант пражывання можа здавацца звычайным, руцінным, неістотным і нават непрыемным праз 15-20 год будзе нагодай да настальгіі. Праз 30-40 год стане найкаштоўнейшым матэрыялам для даследавання і вывучэння традыцый і рытуалаў мінулага сваёй сям’і і блізкіх. Праз стагоддзе агорнецца ў музейную калекцыю і зробіцца адным з падмуркаў, на які абапірацьмуцца нашчадкі. Пакаленні тых, якія павяжуць сваё існаванне з ужо нябачнымі, далёкімі часамі і будуць шукаць свае карані ў мінулых гісторыях паўсядзённасці і “звычайным” побытавых рытуалах і традыцыях, якія ўласцівыя ўсім людзям. У штодзённым жыцці “незвычайнасць”, а  нават каштоўнасць якога відавочная не адразу. 

BE