Што такое kalyska.archive?

Kalyska.archive – гэта праект па пошуку і захаванні прыватных відэа беларусаў. Такія відэа яшчэ называюць home movie ці сямейнай хронікай, і яны адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё і побыт людзей. Напрыклад, відэа сямейных свят і сустрэч, канікулаў у бабулі ў вёсцы, вечарынак з сябрамі, далёкіх і блізкіх паездак, пікнікоў у лесе, відэа з дзіцячых садоў і школ, а таксама здымкі будынкаў, вуліц і любімых ласункаў у кандытарскай. Захаванне і наступнае даследаванне такіх відэа дапамагае зразумець нашыя карані і тое, што нас чакае ў будучыні. 

Kalyska.archive шукае прыватныя відэа беларусаў перыяду 1980-2000х гадоў. Гэта час, у які адбыліся важныя грамадска-палітычныя падзеі, на фоне якіх штодзённае жыццё можа здавацца неістотным. Але тым не менш kalyska.archive уважае за важнае захаваць, як мага больш відэа беларускай штодзённасці на зломе эпох.

Мы таксама прапаноўваем дапамагчы з дыгіталізацыяй вашага сямейнага кінаархіву. Падрабязней па спысылцы ніжэй

Даслаць відэа

Чаму мы шукаем прыватныя відэа?

1. Страх згубіць каштоўную відэахроніку. З кожным годам кінаплёнкі і касеты VHS губляюць у якасці і хутка могуць зусім сапсавацца. Калі не адлічбаваць іх цяпер, то мы страцім важныя сведчанні пра жыццё мінулых пакаленняў. 

2. Захаванне памяці пра тую “нябачную” гісторыю побыту, якая не трапляе ў падручнікі. Мы лічым, што не толькі гісторыя вядомых палітычных альбо грамадскіх дзеячаў павінна быць захавана і перададзена нашчадкам.

3. Абуджэнне цікавасці ў людзей да вывучэння і даследавання паўсядзённага жыцця свайго рэгіёна, сваёй краіны. Мы ўпэўненыя, што побытавыя рытуалы і традыцыі белаурсаў, якія жылі ў часы Чарнобыльскай катастрофы, Перабудовы, Галоснасці і станаўлення Незалежнай Рэспублікі Беларусь – вартыя беражнага і ўважлівага стаўлення.

Наша мэта – стварыць першы беларускі архіў прыватнай відэапамяці. Для гэтага ўсе сабраныя матэрыялы мы беражліва апісваем і ўносім у каталог. У будучыні мы плануем супрацоўнічаць з аўтарамі навуковых і гістарычных даследаванняў, а таксама з артыстамі, якія зацікаўлены ў вывучэнні нашай агульнай памяці.

Калі ў вас ёсць відэа, знятыя беларусамі ці пра беларусаў як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі, мы запрашаем вас падзяліцца імі з kalyska.archive. Таксама просім вас расказаць пра наш праект сваім сябрам і знаёмым. Разам мы зможам захаваць яшчэ больш каштоўных успамінаў пра беларускі побыт і побытавыя традыцыі канца XX стагоддзя.

Даслаць відэа

Home movie – не “звычайная” гісторыя

Home movie — гэта фільмы альбо відэакантэнт, створаныя па-за межамі прафесійнай вытворчасці. Яно можа ўключаць рухомыя вобразы(анг. motion picture) любога жанру, маштабу і на любую тэму.

Выкарыстанне home movie у якасці гістарычнай крыніцы — гэта адносна новая з’ява. Адзін з праектаў, прысвечаны гэтаму – kalyska.archive. Падобныя архівы працуюць пры музеях у Венгрыі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы.

У адрозненне ад прафесійна знятых відэа, прыватныя запісы альбо home movie не абавязкова прызначаліся для прагляду шырокай публікай або людзьмі па-за межамі сям’і ці кола сяброў. Гэта азначае, што як гістарычныя крыніцы да іх трэба ставіцца з вялікай беражлівасцю і пашанай. Home movie дае унікальную перспектыву на прыватныя моманты ў жыцці людзей, іх сем’яў, блізкіх і знаёмых. Але значэнне home movie не абмяжоўваецца хатнім асяродкам. Яно адлюстроўвае традыцыі і побыт цэлых супольнасцяў: вопыт міграцыі, адаптацыю да новага асяроддзя, змену ладу жыцця, звычак, каштоўнасцей і нормаў.

BE