ДОСЛЕД ГІСТОРЫІ ПАЎСЯДЗЁННАСЦІ І ЗАХАВАННЕ СЯМЕЙНАЙ ПАМЯЦІ ПРАЗ АСАБІСТЫЯ ФОТА І ВІДЭА ДАКУМЕНТЫ

Для чаго ўвогуле патрэбныя архівы прыватных фота і відэа дакументаў і іх вывучэнне? Гэтыя пытанні ў айчыннай гістарычнай навуцы і артыстычных доследах прадстаўлены слаба. Асноўная ўвага ў беларускай навуцы надаецца гісторыі сацыяльнай і эканамічнай, найперш БССР. Працягвае дзейнічаць савецкая ўстаноўка на вывучэнне “глабальных” рэчаў, буйных гістарычных працэсаў. Мікрагісторыя і гісторыя паўсядзённасці, якія самі па сабе з’яўляюцца сучаснымі напрамкамі, якія з’явіліся ў другой палове ХХ-га стагоддзя, сярод беларускіх даследчыкаў папулярнасцю не карыстаюцца.
Калі ж нейкія асабістыя дакументы мінулага і вывучаюцца, то гэта ў асноўным датычыцца гісторыі відных дзеячоў і дзяячак, а таксама знакамітых асоб. Памяць пра паўсядзённасць асобных грамадзян і грамадзянак, у якіх ёсць свой хоць і не глабальны, але незвычайна важны свет годны ўвагі, беларускіх даследчыкаў цікавіць не заўжды. Тым ня меньш сведчанні пра руціннае асабістае жыццё людзей ўяўляюць вялікую каштоўнасць, якая адлюстроўвае традыцыі і рытуалы ўсяго грамадства агулам. Вывучэнне паўсядзённасці дазваляе ў тым ліку атрымаць веды пра побыт, умовы пражывання, рацыён харчавання, а таксама пра сацыяльна-палітычныя перавагі людзей і фактары, якія ўплываюць на фармаванне свядомасці і нормаў паводзін.
Таксама і з мікрагісторыяй, якая бярэ свае карані з сацыяльнай гісторыі і “школы Аналаў”. Варта крыху расказаць пра тое, якое дачыненне «школа Аналаў» мае да тэмы дадзенага тэксту. Дадзены кірунак першым сярод гісторыкаў ахарактарызаваў гістарычную крыніцу як «усё, што чалавек кажа ці піша, усё, што ён вырабляе, усё, да чаго ён датыкаецца» (1, с. 39). Дадзенае азначэнне спрыяла змене ўспрымання чалавека ў гісторыі, і ў наступным жаданню гісторыкаў шукаць матывацыю, думкі і пачуцці ў кожнага актара, нягледзячы на паходжанне і сацыяльны статус.
На гэтым фоне варта надаць увагу таму, дзе дадзеныя кірункі гістарычнага даследавання развіты на высокім узроўні. У выпадку дадзенага артыкула — гэта Венгрыя.
Венгерская гістарычная навука пасля ўсталявання ва ўладзе камуністычнага рэжыму ў 1948-49 гадах была пераведзеная на рэйкі, якія пасавалі новаму ўраду. Дзяржаўны апарат ВНР (Венгерскай Народнай Рэспублікі) пільна сачыў, каб даследчыкі выразна прытрымліваліся лініі партыі і не адхіляліся ад яе, а характар даследаванняў уяўляў сабой перш за ўсё “выкрыванне капіталістычнага ладу”. Сітуацыя захоўвалася доўгі час, але пасля Венгерскага паўстання 1956-га года і «нармалізацыі», якая прыйшла з новым камуністычным кіраўніцтвам з Янашам Кадарам на чале, магчымасці для больш свабоднага дзеяння пашырыліся, і не толькі ў плане гістарычнага даследавання, але і паўсядзённым жыцці, а таксама ў культурнай дзейнасці. Натуральна, што адкрытае адхіленне ад «лініі партыі» ўсё яшчэ каралася, але абмежаванні былі адназначна змякчэлыя, што дазволіла культурнай дзейнасці адкрыць для сябе новыя гарызонты, а даследчыкам вывучаць новыя, раней недаступныя для сябе крыніцы.

Адной з яркіх падзей, якая з’явілася ў выніку гэтага пераўтварэння стаў Фонд прыватных фота- і кінаархіваў (PFFA). У 1982 годзе ў дзяржаўнай навуковай установе пад назовам Művelődéskutatási Intézet (Даследчы інстытут культуры, MÜKI) пад кіраўніцтвам вядомага венгерскага сацыёлага, філосафа і даследчыка народнага мастацтва Івана Вітаньі была створана Privát Fotó és Film Kutatócsoport (Прыватная група па даследаванні фатаграфіі і кіно), якая пазней была пераўтворана ў PFFA. Гэты праект развіваўся ў супрацы Андраша Бана і Петэра Форгача, якія імкнуліся сістэматычна збіраць як прыватныя фатаграфіі, так і фільмы.
Андраш Бан, нягледзячы на тое, што заканчваў універсітэт імя Лоранда Этвёша па спецыяльнасці матэматыка, з часоў навучання ў ВНУ займаўся актыўным даследаваннем культуры, у тым ліку і візуальнай. Ён працаваў у шматлікіх вядомых венгерскіх часопісах і газетах, дзе пісаў у асноўным аб фатаграфіі. Другая асоба, якая стаяла ля вытокаў Групы, гэта Петэр Форгач. Як і Бан, ён не прафесійны даследчык з адукацыяй, а чалавек, які займаецца працай з візуальнымі сродкамі выражэння. Атрымаўшы адукацыю настаўніка малявання, Форгач займаецца незалежным кіно і акрэслівае сябе, як “археолага памяці”.
Бан і Форгач імкнуліся стварыць месца, якое захоўвае, апрацоўвае і дэманструе асабістыя ўспаміны, адначасова ствараючы даследчы цэнтр, які падтрымлівае даследаванні і адукацыю ў галіне візуальнай культуры і гісторыі паўсядзённасці. Галоўным натхняльнікам з’яўлялася прыватная фотакалекцыя Шандара Кардаша пад назвай Архіў Хоруса, якая збірала аматарскую фатаграфію, і эксперыментальным дакументальным фільмам Габара Бодзі і Петэра Цімара «Прыватная гісторыя» (1978) (5).
Асноўнай цікавасцю стваральнікаў Фонду было не даследаванне бінарнасці аматарскага і прафесійнага мастацтва, а канкрэтныя візуальныя характарыстыкі асабістых выяў: спосаб вытворчасці, якасць і тое, што канкрэтна паказвалася. Таксама стваральнікаў Фонду цікавіў менавіта акт самадакументавання, выкарыстання выяў для дэманстрацыі свайго блізкага непасрэднага атачэння. Гэта дазваляла зразумець, што для стваральнікаў было істотным для фіксацыі, і як вынік паказвала, што яны лічылі важным у сваім жыцці. Менавіта з дапамогай такога збору і захавання відэадакументаў асабістага паходжання, а таксама паступовага выкарыстання іх у даследаваннях, дадзеныя гістарычныя крыніцы (і фонд у цэлым) зацвярджаліся як каштоўны рэсурс для міждысцыплінарных даследаванняў і найважнейшы элемент нацыянальнай спадчыны.
Апроч захавання крыніц, даследнікі PFFA праводзілі вусныя інтэрв’ю з кінематаграфістамі, якія ахвяравалі свае асабістыя запісы, а таксама з іх сваякамі. Гэта рабілася для таго, каб атрымаць кантэкстныя падрабязнасці аб гісторыі стварэнне фота-/відэазапісаў(4). Інтэрв’ю асабліва тычыліся жыццёвага досведу творцаў, адначасова заахвочвалі іх разважаць аб сваёй практыцы фіксавання паўсядзэннасці. Нягледзячы на тое, што асноўным аб’ектам захавання былі візуальныя матэрыялы, іншыя ахвяраванні (сямейныя генеалогіі, кінадзённікі і памятныя рэчы, звязаныя з успамінамі аб стварэнні фільмаў) таксама заахвочваліся. Выбраная Групай вобласць візуальнай антрапалогіі, працэс збору інфармацыі і апытання ўдзельнікаў архіва прывялі Бана і Форгача да разумення этнаграфічных ведаў, якія перадаюцца аматарскімі сродкамі масавай інфармацыі, што садзейнічала далейшаму развіццю ўжо акадэмічных даследаванняў у гэтай галіне.
У ходзе даследчага працэсу было архівізавана каля 500 гадзін відэа, знятых на 8 мм плёнку, і больш за 250 000 сямейных фатаграфій перыяду ад пачатку 20-га стагоддзя і да 1988 года. Бану і Форгачу ўдалося атрымаць дзяржаўныя сродкі на свае даследаванні, а таксама на размяшчэнне рэкламы ў газетах з мэтай стварэння калекцыі ў сваім інстытуце. Значная частка гісторыі аматарскай фатаграфіі і кіно ўжо была страчана ў папярэднія гады праз ваенныя дзеянні і пасляваеннай пагарды з боку афіцыйнай даследніцкай супольнасці. У сувязі з гэтым PFFA аддала прыярытэт у пошуку і зборы даваенным сямейным фотаальбомам і хатнім фільмам да 1960 года. Гэта былі самыя далікатныя і рэдкія запісы, а рэсурсных магчымасцяў збіраць і, што найважнейшае, апрацоўваць, агулам усе даступныя матэрыялы ў арганізацыі не было (2). Дзякуючы супрацоўніцтву з дзяржаўнай Fővárosi Fotó Vállalat (“Муніцыпальная фотакампанія Будапешта”) яны таксама збіралі сучасныя фатаграфіі, якія выкарыстоўваліся ў якасці матэрыялу для аналіза сацыялістычнай сістэмы каштоўнасцяў.

Бан і Форгач аднымі з першых у свеце (а ў краінах Усходняга блока раней за ўсіх) усвядомілі важнасць знаёмства са штодзённай культурай, якая была б недаступная без збору і архівізавання сямейных фота-кіназапісаў. Для іх асабістае азначала выразную апазіцыю публічнаму, і, такім чынам, афіцыйным гістарычным апавяданням. Засяродзіўшыся на асабістай гісторыі Група паказвала раней “нябачнае” жыццё абывацеля, якое не трапляла ў падручнікі. Гэта быў адказ на вымушаную мадэрнізацыю эпохі Кадара: павысіць стандарт усведамлення паўсядзённай гісторыі і сабраць веды для доследу як мінулага, так і сучаснасці. Праца PFFA з прыватнымі дакумантамі дазволіла аднавіць індывідуальнасць і пераацаніць “таварышаў-грамадзян” у прыватных асоб. Адыходзячы ад афіцыйных наратываў Група зрабіла каштоўны ўнёсак у пераасэнсаванне венгерскай гісторыі і ў змену народнай самасвядомасці. Такім чынам, праца Бана і Форгача вызначыла не толькі пачатак альтэрнатыўнай гістарыяграфіі і даследаванняў, але і прапанавала новыя спосабы ацэнкі, выкарыстання і рэфлексіі над аматарскай медыяспадчынай. Гэты архіў таксама ўстанавіў стандарт на міжнародным узроўні, паколькі прыватныя запісы набылі архіўную цікавасць і каштоўнасць толькі пазней, у 1990-х гадах.
Пасля змены рэжыму і адтоку дзяржаўнага фінансавання MÜKI паступова спыніў сваю дзейнасць і сутыкнуўся з распыленнем усіх сваіх інстытуцыйных запісаў, даследаванняў і публікацый. Гэта азначала канец акадэмічны[ даследаванняo і публікацый у PFFA, але не для іншых відаў яго дзейнасці. Архіў стаў асобным фондам, які ў першую чаргу збірае home movies і бярэ інтэрв’ю ў іх стваральнікаў ці сваякоў. Акрамя таго, у перыяд актыўнай працы PFFA прыватныя запісы сталі папулярнымі дзякуючы серыялу Форгача «Прыватная Венгрыя», у якім перапрацоўваюцца кадры для рэфлексіі над раней нявырашальнымі венгерскімі траўмамі мінулага стагоддзя: устанаўленне протафашысцкага рэжыму Міклаша Хорці, Другая сусветная вайна, Халакост, пасляваенная турбулентнасць і ўстанаўленне жорсткага камуністычнага рэжыму Ракошы, венгерская рэвалюцыя 1956-га года і, урэшце, «нармалізацыя» эпохі Яноша Кадара.
Ва ўмовах змен і нявызначанасці перыяду постсацыялізму фонды PFFA былі перамешчаныя ў Blinken OSA (Vera and Donald Blinken Open Society Archives) у канцы 1990-х гадоў (3). Гэты архіў быў утвораны пры Цэнтральнаеўрапейскім універсітэце ў 1995-м годзе. Калекцыя архіва ў асноўным прысвечана перыяду Халоднай вайны і правам чалавека, матэрыялы ўключаюць гісторыю былога Усходняга блока, самвыдату, гісторыю прапаганды і ваенных злачынстваў.
Нягледзячы на тое, што з моманту пераходу PFFA пад крыло Blinken OSA, збор дадатковых прыватных матэрыялаў зменшыў абароты, архіўная апрацоўка і мастацкая перапрацоўка разнастайных фондаў працягваюцца. Сёння прыватныя плёнкі, а таксама аўдыёінтэрв’ю і іх расшыфроўкі адлічбаваныя і даступныя публіцы ў даследчай зале Blinken OSA разам са шматлікімі мастацкімі дакументальнымі фільмамі Форгача, якія заснаваныя на прыватных запісах.
Той факт, што мы можам сутыкнуцца з венгерскімі прыватнымі медыякрыніцамі, створанымі ў перыяд з 1925 па 1985 год, не кажучы ўжо пра іх вывучэнне, з’яўляецца вынікам велізарнай працы, праведзенай PFFA. Гэты фонд адкрыў гарызонты аматарскіх і візуальных медыя-даследаванняў, даследуючы канвергенцыю афіцыйных і прыватных гістарычных запісаў. Дзякуючы шчыльнаму ўзаемадзеянню з гэтай унікальнай калекцыяй мы можам зразумець, як спажывецкі кошт прыватных фільмаў выяўляе напружанасць і адрозненні паміж паўсядзённымі і афіцыйнымі, прыватнымі і публічнымі, значнымі і нязначнымі запісамі і ўрэшце фармуе і структуруе ўспрыманне мінулага.
Таксама нельга не адзначыць той уплыў на будучыню гістарычнага даследавання, які аказала PFFA. Архіў стаў першым у краінах сацыялістычнага блока, які звярнуў увагу на матэрыялы асабістага паходжання і заняўся іх зборам і сістэматызацыя рхіўных дакументаў, PFFA стаў прыкладам працы для іншых даследнікаў, як прафесіяналаў, так і аматараў. Вялікі плюс арганізацыі быў у тым, што ў яе вытокаў стаялі не прафесійныя гісторыкі, а хутчэй аматары, якія ў сваёй сферы дзейнасці не былі наўпрост звязаныя з гістарычнай навукай, што дазволіла ім пазбегнуць некаторай перадузятасці ў стаўленні да прыватных крыніц ведаў пра побытавыя традыцыі і рытуалы. Нягледзячы на сваю невядомасць у акадэмічным асяроддзі Ўсходняй Еўропы падчас стварэння архіва, праца Бана і Форгача стала адным са стымулаў падвышанай цікавасці да мікрагісторыі і гісторыі паўсядзённасці ў наступныя дзесяцігоддзі.

Збор асабістых крыніц, не толькі фота-і відэа-, гэта неверагодна важная рэч, як для сямейнай памяці, так і для гісторыі грамадства агулам. Праца з прыватнымі матэрыяламі з’яўляюцца істотным для лепшага разумення таго, які ўнікальны погляд стваральнікі такіх матэрыялаў мелі на свет, які іх атачаў кожны дзень, а таксама якое ў іх было ўспрыманне штодзённасці. Матэрыялы, якія ствараліся для справаздачных мэт, няхай гэта будзе статыстычная дакументацыя, сацыялагічныя апытанні часцяком былі моцна адрэдактаваныя для задавальнення тых або іншых патрэб вышэйстаячых органаў. Такія крыніцы не даюць дасканала даследаваць паўсядзённасць пэўнага гістарычнага перыяду (ці то пачатак ХХ стагоддзя, эпоха сталінізму, адлігі, застою, ці перабудовы). Таксама афіцыйныя медыяматэрыялы не дазваляюць спазнаць унутраны свет «звычайнага» чалавека, які напраўду зусім незвычайны, а нават дзівосны і падчас непаўторны. Таму збор і апрацоўка прыватных дакумантаў – важная і перспектыўная задача на будучыню, з якой працаваць ня толькі сучаснікам, але і наступнаму пакаленню даследчыкаў, мастакоў, літаратараў, кінематаграфістаў. Тым, хто зацікаўлены ў даследаваннях, якія патрабуюць выкарыстання менавіта вельмі асабістых крыніц.
Спіс выкарыстаных крыніц:
1.Блок М. Апология истории или ремесло историка. Пер. Е. Лысенко. М., 1986.
2. Alternativ történelem a Privát Fotó es Film Alapítványon keresztül — Forrás: https://osaarchivum.444.hu/2021/10/29/alternativ-tortenelem-a-privat-foto-es-film-alapitvanyon-keresztu
3. Blinken OSA Archivum: https://archivum.org/hu
4. HU OSA 320 Photographs and Home Movie Collection of Privát Fotó és Film Alapítvány: https://catalog.archivum.org/catalog/jDe85Vzb
5. Privát történelem — NFI: https://nfi.hu/alapfilmek-1/alapfilmek-filmek/dokumentumfilm/privat-tortenelem.html6. Vitányi Iván: https://www.parlament.hu/kepviselo/elet/v047.htm
перадрук ці іншае выкарыстанне матэрыяла толькі з пазнакай kalyska.archive
Leave a Reply